Мікалаю Дзядку далі яшчэ год калоніі
У Магілёўскай турме быў працягнуты разгляд крымінальнай справы палітзняволенага. Суд за нібыта “парушэнні рэжыму адбыцця пакарання па артыкуле 411 Крымінальнага кодэксу РБ” пакараў Мікалая Дзядка 1 годам зняволення ў калоніі строгага рэжыму.
Мікалаю Дзядку інкрымінавалі 16 парушэнняў рэжыму ў месцах зняволення, асноўным з якіх з'яўляецца нашэнне замест турэмнай робы спартыўнага касцюма.
Пракурор запрасіў суд пакараць Мікалая Дзядка 1 годам зняволення ў калоніі строгага рэжыму. Гэта максімальны тэрмін пакарання па гэтым артыкуле. Суд цалкам падтрымаў пракурора.
Адлічваючы ад 26 лютага палітвязень мусіць знаходзіцца за кратамі яшчэ 1 год і 3 дні.
Актывіст анархісцкага руху Мікалай Дзядок быў асуджаны 27 траўня 2011 г. судом Заводскага раёна г. Менску па ч.2 арт. 339 КК (злоснае хуліганства) на 4,5 года зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Сваёй віны актывіст на судзе не прызнаў і адмовіўся падпісваць прашэнне аб памілаванні на імя прэзідэнта.
Пад час адбыццця пакарання ў канцы траўня 2012 г. паводле рашэння начальніка Шклоўскай калоніі № 7 Мікалай Дзядок быў пераведзены ў памяшканне камернага тыпу на паўгады. Да гэтага яго неаднаразова прымушалі пісаць прашэнні аб памілаванні. За час знаходжання ў магілёўскай калоніі №15 і 17-й калоніі ў Шклове Мікалай атрымаў больш за 10 спагнанняў за розныя надуманыя парушэнні.
4 снежня 2012 г. стала вядома, што адмысловая камісія калоніі прыняла рашэнне аб пераводзе Мікалая Дзядка ў турму за шматлікія спагнанні за парушэнне дысцыпліны.
У лістападзе 2014 года, за 3 месяцы да сканчэння тэрміну, на Мікалая Дзядка завялі новую крымінальную справу па артыкуле 411 Крымінальнага кодэксу РБ за “парушэнне рэжыму адбыцця пакарання”. "Следчыя дзеянні" цягнуліся 2 месяцы, потым справа была вернутая пракурорам на даследванне яшчэ на адзін месяц.
Падобным чынам улады пакаралі і былога палітвязня Змітра Дашкевіча. 24 сакавіка 2011 года лідар “Маладога фронту” быў асуджаны на 2 гады зняволеньня ў калёніі агульнага рэжыму нібыта за злоснае хуліганства. А 28 жніўня 2012 году, проста ў Глыбоцкай калоніі, асуджаны ізноў – за “злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі” па артыкуле 411 Крымінальнага кодэксу.
Паводле spring96.org
Пакінуць новы каментар