Мінск развітаўся з Міхасём Чарняўскім. Фотарэпартаж Антона Сурапіна
Нягледзячы на лютыя маразы блізу 200 чалавек сабралося ў мінскім Доме Смутку, каб развітацца з легендарным археолагам, выкладчыкам, навукоўцам, дзеячам беларускага руху, Міхасём Чарняўскім. Сярод сабраўшыхся былі сябры, паплечнікі, студэнты і нават незнаёмыя людзі.
Літургію адслужыў вуніяцкі біскуп Гаек, пасля чаго прагучаў развітальны смутны матыў на дудзе ў выкананні Змітра Сасноўскага ("Стары Ольса"). Пасля чаго гучала шмат добрых прамоў-успамінаў пра жыццё і дзейнасць спадара Чарняўскага. Пахаванне, згодна з апошнім жаданнем, адбылося ў роднай вёсцы Круці Мядзельскага раёна.
Міхась Чарняўскі быў гісторыкам, археолагам, краязнаўцам. Ён быў у тым гурце людзей, якія ў савецкі час у Мінску прынцыпова гаварылі па-беларуску і фармавалі падпольны рух за незалежнасць.
Ён нарадзіўся 7 сакавіка 1938 года ў вёсцы Круці Мядзельскага раёна. Гісторыяй, археалогіяй захапіўся яшчэ ў дзяцінстве. Яшчэ ў юнацтве сутыкнуўся з улёткамі Смаргонска-Мядзельскага незалежніцкага падполля, групы Расціслава Лапіцкага. Яны выклікалі вялікія перажыванні ў душы падлетка, што і сам бачыў русіфікацыю і несправядлівасць савецкага рэжыму.
У 1988–1989 Чарняўскі быў сярод стваральнікаў Народнага Фронту, адраджаў сацыял-дэмакратыю.
Гэтым летам Міхась Чарняўскі збіраўся здзейсніць даўнюю мару — зладзіць раскопкі гарадзішча ў роднай вёсцы. Цяпер гэта мусіць зрабіць ягоны сын, таксама археолаг, — паведамляе Наша Ніва.
Пакінуць новы каментар