Назіральнікі ад “Права выбару” на 626 участку трапілі на суткі
Стала вядома, што Мая Навумава і Кулакоў Леанід пасля закрыцця выбарчага участку 626 Каліноўскай выбарчай акругі 108 былі гвалтоўна затрыманыя міліцыянтамі і змешчаныя ў ізалятар УУС Першамайскага раёна.
Назіральнікаў міліцыянты затрымалі ўжо на вуліцы каля 23 гадзінаў. Ім спачатку высунулі абвінавачванне ва ўжыванні спіртовых напояў (арт. 17.3 КоАП) і пакінулі на ноч у спецыялізаваным ізалятары РУУС.
На наступны дзень адбылося выязное паседжанне суда Першамайскага раёна. Леаніда Кулакова і Маю Навумаву пакаралі адміністратыўным арыштам тэрмінам адпаведна на 3 і 1 суткі. Суд прызнаў іх вінаватым у парушэнні артыкула 23.4 КоАП (“непадпарадкаванне супрацоўніку міліцыі”).
Як паведаміла Мая Навумава пасля адбыцця пакарання, назіранне на выбарчым участку з яе боку і боку яе напарніка пастаянна выклікала нервовую рэакцыю старшыні камісіі і міліцыянтаў. Назіральнікі публічна заяўлялі пра фальшаванні яўкі на выбарчым участку, а таксама патрабавалі сумленнага і адкрытага падліку галасоў. Мая Навумава таксама намагалася зафіксаваць падлік бюлетэняў на відэа. Падчас затрымання на вуліцы міліцыянты не прад’явілі службовыя пасведчанні і з ужываннем прымусу і фізічнай сілы пасадзілі ў машыну. На руках у Маі Навумавай пасля інцыдэнту засталіся сінякі.
Пакінуць новы каментар