Пасля скаргі ў пракуратуру дэпутаты пачалі адказваць на звароты грамадзян
Актывісты грамадскай ініцыятывы “Сацыяльны офіс” атрымалі лісты з адказамі ад некаторых дэпутатаў Брэсцкага гарадскога Савету. Пытанні да народных абраннікаў тычыліся таго, як яны збіраюцца рабіць справаздачу аб сваёй дзейнасці перад выбаршчыкамі.
Прадстаўнік “Сацыяльнага офісу” Юрый Жыдовіч мяркуе, што падштурхнуць дэпутатаў да таго, каб урэшце (хай і са спазненнем) яны адказалі на звароты грамадскасці, магло паведамленне пра тое, што актывісты папрасілі пракуратуру праверыць, ці быў парушаны Закон “Аб зваротах грамадзян”.
“Магчыма, хтосьці з дэпутатаў сапраўды проста забыўся даць сваечасовы адказ у адведзеныя законам тэрміны, - кажа Юрый Жыдовіч. – Але ўвогуле мы атрымалі лісты толькі ад шасці дэпутатаў за амаль сарака, што былі абраныя ў гарадскі Савет. Такім чынам астатнія праігнаравалі нашы звароты”.
Актывіст таксама адзначыў, што ўсе атрыманыя ад дэпутатаў адказы ў хуткім часе плануецца выкласці ў публічную прастору Інтэрнэту, каб з імі мог азнаёміцца кожны, хто пажадае.
Паводле ПЦ "Вясна"
Пакінуць новы каментар