Права на свабоду мітынгаў па-беларуску: улады выдумляюць прычыны для забароны
Як паведамілі брэсцкія актывісты, што планавалі правесці пікет “За малы памежны рух”, улады прыдумалі неіснуючыя перашкоды для правядзення акцыі, каб яе не дазволіць.
Падставай для забароны пікета ў мясцовым гарвыканкаме назвалі тое, што ў гэты самы час на стадыёне “Лакаматыў”, які вызначаны ўладамі для правядзення масавых мерапрыемстваў, адбудзецца іншая акцыя, паведамляе сайт ПЦ "Вясна".
Адзін з заяўнікоў пікета, брэсцкі каардынатар кампаніі “За малы памежны рух” Аляксандр Храпко 3 верасня у вызначаны час наведаў стадыён “Лакаматыў” і пераканаўся, што ніякай іншай акцыі на гэтым спартовым збудаванні няма. Такім чынам, чыноўнікі гарвыканкама, адмовіўшы актывістам кампаніі ў магчымасці зладзіць пікет, проста ўвялі іх ў зман.
Аляксандр Храпко перакананы, што ўладам проста нязручна, каб сярод жыхароў рэгіёна распаўсюджвалася інфармацыю пра спрыянне маламу памежнаму руху і ўвогуле пра захады, накіраваныя на тое, каб грамадзяне Беларусі перасякалі мяжу з краінамі Еўразвязу без візаў.
Таксама ў Брэсце быў забаронены і другі пікет у падтрымку малога памежнага руху паміж Польшчай і Беларуссю, які планавался правесці на яшчэ адной пляцоўцы, вызначанай гарвыканкам дзя правядзення падобных мерапрыемстваў – у парку воінаў-інтэрнацыяналістаў.
Як мы ўжо пісалі, выглядае на тое, што беларуская дзяржава банальна не хоча пускаць сваіх грамадзян у цывілізаваную Еўропу. Нягледзячы на станоўчую рыторыку на міжнародным узроўні, афіцыйны Мінск зусім не спрыяе рэалізацыі дамовы аб малым памежным руху. Больш таго, нейтралізуюцца ўсялякія спробы вынесці гэтае пытанне на публічнае абмеркаванне.
Пакінуць новы каментар