Смех – лепшая зброя супраць цэнзараў
Кампанія «Рок-салідарнасць» абвясціла конкурс творчых працаў, прысвечаны забароненым музыкам.
Арганізатары кампаніі канстатуюць, што «нягледзячы на адносную адлігу, у Беларусі застаюцца забароненыя музыкі». Тут маюцца на ўвазе праблемы, з якімі апошнім часам сутыкнуліся гурты Pet Nihil і Amaroka.
«Мы заклікаем не паддавацца адчаю, а высмейваць самадурства цэнзараў ад культуры праз народную карыкатурную творчасць», – вядзецца ў афіцыйным паведамленні кампаніі.
Фармат працы можа быць які заўгодна – малюнкі, карыкатуры, вершы, аповеды, песні, альбо проста цікавая ідэя. Усе ўдзельнікі атрымаюць падарункі ад арганізатараў конкурсу (дыскі, майкі, плакаты беларускіх гуртоў), а аўтары лепшых працаў – адмысловыя прызы ў выглядзе абанементы на канцэрт беларускіх гуртоў на працягу года. Дасылаць свае працы можна на мэйл: [email protected] да канца жніўня.
«Рок-салідарнасць» – грамадская кампанія ў падтрымку рок-музыкаў, якія трапілі ў «чорны спіс. Яна створаная 10 снежня 2011 году актывістамі грамадскіх арганізацый і аматарамі айчыннай рок-музыкі. Актывісты кампаніі інфармуюць насельніцтва пра так званыя «чорныя спісы» і пра забароны канцэртаў, раздаюць дыскі беларускіх выканаўцаў, вядуць перапіску з чыноўнікамі, ладзяць выступы айчынных музыкаў і флэш-мобы.
Паводле Tuzin.fm
Пакінуць новы каментар