Справа Эдуарда Пальчыса перададзена ў суд
Крымінальная справа ў дачыненні да заснавальніка сайта 1863x.com Эдуарда Пальчыса (вядомага у сацсетках як Джон Сільвер) па абвінавачванні ў публікацыі матэрыялаў, якія распальваюць нацыянальную варожасць і ўтрымліваюць парнаграфію, перададзена ў суд.
«Крымінальная справа па абвінавачванні ў здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных ч. 1 арт. 130 КК і ч. 2 арт. 343 КК, паступіла для судовага разбору ў Мінскі гарадскі суд», - паведаміла прэс-сакратар Вярхоўнага суда Юлія Ляскава. Пра дату пачатку слуханняў будзе паведамлена дадаткова.
Абвінавачванне Эдуарду Пальчыса было прад'яўлена яшчэ ў чэрвені. Як распавялі ў Следчым камітэце, перад прад'яўленнем абвінавачвання Пальчыс адмовіўся ад паслуг абодвух абаронцаў, якія прадстаўлялі яго інтарэсы, напісаўшы адпаведную заяву ў іх прысутнасці. Пасля чаго заявіў аб прадастаўленні яму дзяржаўнага абаронцы.
Нагадаем, рэдактар сайта 1863x.com Эдуард Пальчыса (псеўданім - Джон Сільвер) абвінавачваецца па ч. 1 арт. 130 (Распальванне расавай, нацыянальнай або рэлігійнай варожасці або розні) і ч. 2 арт. 343 Крымінальнага кодэкса Беларусі (Распаўсюд парнаграфічных матэрыялаў).
На сайце Эдуарда Пальчыса 1863х.com публікаваліся матэрыялы з крытыкай беларускіх і расейскіх уладаў. У лістападзе 2015 года ён паведаміў аб затрыманні КДБ і прымусовым знаходжанні ў псіхбальніцах. Пасля гэтага ён пераехаў ва Украіну. У студзені 2016 года яго арыштавалі ў Расіі, а ў канцы траўня экстрадавалі ў Беларусь.
Дэмакратычныя актывісты дамагаюцца прызнання Эдуарда Пальчыса палітвязням, нягледзячы на тое, што сам абвінавачаны праз адваката заявіў, што не хоча ім быць. Тым часам міжнародная праваабарончая арганізацыя «Рэпарцёры без межаў» заклікае да большай празрыстасці ў справе беларускага блогера Эдуарда Пальчыса і яго вызваленні з-пад варты.
Паводле tut.by
Пакінуць новы каментар