Суд над Максімам Дашуком 1 чэрвеня
Прызначаная дата суду над удзельнікам «Працэсу чатырнаццаці» непаўналетнім Максімам Дашуком. Суд пачнецца ў дзень абароны правоў дзяцей 1 чэрвеня ў судзе Маскоўскага раёну. Пачатак а 14:15.
Пра гэта «НН» паведаміў адвакат Павел Сапелка.
Супраць Максіма Дашука была заведзеная крымінальная справа паводле артыкулу 415 КК («Ухіленне ад адбывання пакарання ў выглядзе абмежавання волі»). У траўні летась Максім быў асуджаны на паўтара году абмежавання волі без накіравання ў спецкамендатуры, так званай «хатняй хіміі».
Праз свой узрост і адсутнасць мінскай прапіскі хлопец так і не змог уладкавацца на працу, таму фактычна знаходзіўся пад хатнім арыштам. З дому яму дазвалялася выходзіць толькі на дзве гадзіны ў суткі — ад дзесятай да дванаццатай раніцы.
Вясной у Максіма памёр бацька, таму яму часта даводзілася дапамагаць маці, якая працуе прадпрымальніцай. Міліцыянты вынеслі Дашуку чатыры папярэджанні. Адну ноч хлопец правёў у следчым ізалятары, пасля чаго пракурор памяняў меру стрымання на падпіску аб нявыездзе.
Некалькі дзён таму міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International прызнала фігурантаў «справы 14‑ці» вязнямі сумлення.
Паводле nn.by
Пакінуць новы каментар