Суд над Рубцовым пройдзе 27 траўня
Працэс над палітвязнем Юрыем Рубцовым прызначаны на 27 траўня ў судзе Пружанскага раёну. Юры Рубцоў знаходзіцца ў СІЗА гораду Баранавічы і трымае галадоўку.
Яго абвінавачваюць ва ўхіленні ад адбыцця пакарання ў выглядзе абмежавання волі. Максімальнае пакаранне, якое можа пагражаць палітзняволенаму па гэтым крымінальным артыкуле, — пазбаўленне волі на тэрмін да трох гадоў, нагадвае Радыё Свабода
Разглядаць справу супраць палітвязня будзе суддзя Мікалай Рэпіха, паведамляюць праваабаронцы «Вясны».
Падставай для ўзбуджэння крымінальнай справы супраць Рубцова сталі матэрыялы органаў дазнання за парушэнне парадку і ўмоў адбыцця пакарання, якія абавязваюць асуджанага працаваць паводле накіравання адміністрацыі папраўчай установы адкрытага тыпу.
Рубцоў чатыры разы адмовіўся ад прапанаваных яму вакансій, што ўтварае склад злачынства — ухіленне ад адбыцця пакарання паводле выраку суду.
Юры Рубцоў адмаўляўся працаваць на прапанаваных прадпрыемствах з-за нізкага заробку і патрабаваў забяспечыць яго працай з сярэднім заробкам па краіне — 600 даляраў. Палітвязень таксама нязгодны з тым, што ва ўстановах адкрытага тыпу парушаецца працэдура працаўладкавання і звальнення.
Пакінуць новы каментар