Суд разгледзіць справу актывіста, якога не ўзялі на працу з-за “магчымых негатыўных наступстваў”
У Магілёве актывіст актывіст незалежнага прафсаюза РЭП Аляксей Паўлоўскі хоча праз суд дабіцца выбачэнняў ад будаўнічай арганізацыі. Адпаведны пазоў аб абароне гонару, годнасці і дзелавой рэпутацыі ён накіраваў у суд Ленінскага раёна Магілёва. Разгляд пазова грамадскага актывіста адбудзецца 25 лютага.
Пры спробе працаўладкавацца ў РУП “Магілёўскі домабудаўнічы камбінат” 20 верасня і 13 лістапада 2012 года адміністрацыя арганізацыі адмовіла муляру 5-га разрада ў працаўладкаванні ў сувязі з тым, што ““Магілёўскаму ДБК” вядомы негатыўныя наступствы прыёмаў (звальненняў) Паўлоўскага А.С. на іншыя прадпрыемствы горада. Для паляпшэння мікраклімата ў калектыве ДБК і недапушчэнні дэстабілізацыі абстаноўкі на прадпрыемстве было вынесена пытанне на галасаванне прадстаўнікоў працоўнага калектыву і наймальніка: у адмове Паўлоўскаму А.С. пры паўторным працаўладкаванні на прадпрыемства”.
Сам грамадскі актывіст расцаніў гэта працоўнай дыскрымінацыяй, а таксама інфармацыяй, якая з’яўляецца несапраўднай, ганьбіць яго гонар, годнасць і дзелавую рэпутацыю як грамадзяніна, так і работніка ў цэлым. Паўлоўскі адзначае, што цягам сваёй працы ў іншых будаўнічых арганізацыях горада ўвесь час спрабаваў палепшыць умовы працы работнікаў, павышаў безаварыйнасць працы і забяспечваў стабільную працу арганізацый.
Праз суд Паўлоўскі хоча дабіцца прызнання не адпавядаючымі сапраўднасці звесткі, якія ганьбяць яго гонар, годнасць і дзелавую рэпутацыю, прымусіць адказчыка даць абвяржэнне распаўсюджанай інфармацыі, а таксама прынесці выбачэнне ў пісьмовай форме.
Падрабязней на сайце ПЦ "Вясна".
Пакінуць новы каментар