Улады вырашылі зачыніць "Віцебскі кур'ер"
Віцебскі аблвыканкам адклікаў свой дазвол на перарэгістрацыю ЗАТ “Выдавецкі дом “Віцебскі кур’ер”, які даваў у кастрычніку бягучага году. Прычынамі названыя адсутнасьць узгадненьня “зь мясцовым выканаўчым і распарадчым органам”, неадпаведнасьць памяшканьня, а таксама неадпаведнасьць “патрабаваньням Дырэктывы прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь “Аб мерах па ўзмацненьню грамадзкай бяспекі і дысцыпліны” ды іншыя.
Гэткае нечаканае рашэньне аблвыканкама камэнтуе прадстаўнік Беларускага Гельсынкага камітэту, кансультант выдавецкага дома Павал Левінаў:
– Лічу рашэньне Віцебскага абласнога камітэту пра адмену рэгістрацыі бязглуздым. Паказаная недальнабачнасьць і нізкая кваліфікацыя працаўнікоў аблвыканкама: спачатку прымаюць рашэньні – потым іх адмяняюць.
Левінаў называе падобную мітусьню выканаўчага органа незразумелай, а адмову ў рэгістрацыі незаконнай:
– Мы будзем абскарджваць гэтае рашэньне.
У выніку адмены дзяржаўнай рэгістрацыі ўзьнікла пагроза закрыцьця газэты “Віцебскі кур’ер”.
Паводле радыё Рацыя