У Мінску пакаралі ўдзельнікаў акцыі памяці герояў “Нябеснай сотні” (ФОТА)
Затрыманых учора каля помніку Тарасу Шаўчэнку актывістаў пакаралі арыштамі і штрафам. Разгляд пераважнай часткі адміністрацыйных справаў адбываўся ў РУУСе Цэнтральнага раёна Мінска.
Учора вечарам 22 студзеня каля 15 чалавек запалілі знічы і ўсклалі кветкі да помніка Тарасу Шаўчэнку непадалёку ад амбасады Ўкраіны. Быў разгорнуты вялікі партрэт загінулага ва Украіне беларуса Міхаіла Жызнеўскага.
Адразу пасля акцыі былі затрыманыя 9 чалавек.
Апоўначы вызвалілі Ніну Багінскую, Зміцера Захарэвіча, Юрыя Ваўчка і Валерыю Чарнаморцаву (на трох апошніх пратакол не склалі).
23 студзеня пад кіраўніцтвам суддзі Вікторыі Шабуні адбыўся выязны (што даволі незвычайна) разгляд адміністрацыйных справаў яшчэ пяці затрыманых актывістаў у будынку РУУС Цэнтральнага раёна Мінска. Гэта Вольга Мікалайчык, Алесь Макаеў, Яўген Батура, Максім Вінярскі і Мікола Колас. Ранкам у Судзе Цэнтральнага раёна Мінска разглядалі справу Ніны Багінскай. Удзельнікаў акцыі абвінавацілі ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве (арт. 23.34 КаАП РБ).
Праваабаронцы адзначаюць, што выязныя суды ў будынку РУУС фактычна робяць іх закрытымі для наведнікаў, паколькі міліцэйскі будынак – рэжымны аб’ект. Закрыты судовы разгляд з'яўляецца грубым парушэннем дзеючага Працэсуальна-выканаўчага кодэксу аб адміністратыўных правапарушэннях Беларусі.
Так і здарылася, міліцыянты наведнікаў на разгляд адміністрацыйных справаў не пусцілі (прайшлі толькі адвакаты), перадаць асабістыя рэчы і пачастункі ад сваякоў і сяброў адмовіліся. Пры гэтым супрацоўнікі РУУС наогул адмаўлялі факт правядзення разгляду адміністрацыйных справаў у сваім будынку.
“Магчыма “закрыты” разгляд арганізаваны, каб не прыцягваць увагу грамадскасці да пакарання ўдзельнікаў абсалютны мірнай акцыі памяці і салідарнасці. Ва ўсім свеце ўшанаванне памяці загінулых – абсалютна нармальная з’ява. Затрымліваць за гэта – нонсенс. Магчыма яны хочуць, каб рэзананс ад гэтай справы быў мінімальны і не выклікаў міжнародных ускладненняў”, – мяркуе Валерыя Чарнаморцава.
Цягам дня ў РУУС праходзілі суды і выносіліся прысуды. Максіма Вінярскага і Алеся Макаева пакаралі 15 суткамі арышту, Міколу Коласу і Яўгену Батуру далі па 10 сутак. Вольга Мікалайчык пакараная пяццю суткамі. Ніну Багінскую ў судзе Цэнтральнага раёна пакаралі штрафам у 20 базавых велічынь (3 мільёны рублёў).
Актывісты, якім удалося пазбегнуць арышту, папрасілі прадстаўнікоў амбасады Ўкраіны звярнуць увагу на тое, што ў міліцэйскім аўтобусе прадстаўнікі сілавых структураў Беларусі здзекліва выказваліся пра Украіну і ўкраінцаў.
Актывісты падтрымліваюць затрыманых каля будынку РУУС Цэнтральнага раёна
Пакінуць новы каментар