У Мінску працягваюцца палітычныя працэсы
Гэтымі спякотнымі красавіцкімі днямі Мінск пераўтварыўся ў суцэльную судовую залю. Залю, у якой адбываецца працэс над палітычнымі апанентамі дзейснага рэжыма. Яшчэ не паспела знікнуць паніка ў крамах,не паспела адгрымець рэха жудаснага тэракту ў сталічным метро, і абывацель праз паведамленні дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі не можа разабрацца, якіх жа канкрэтна “тэрарыстаў” і “хуліганаў” зараз судзяць, як так хутка магло прайсці следства па такой складанай справе. Высветляецца, што афіцыйныя СМІ, “тэрарыстамі” называюць удзельнікаў акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі выбараў 19 снежня 2010.
Роўна на 25-ую гадавіну Чарнобыльскай трагедыі, 26 красавіка, распачаўся “суд” над кіраўніком перадвыбарчага штабу Андрэя Саннікава Змітром Бандарэнкам, якога вінавацілі ў “арганізацыі групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак”. Перад выбарамі Бандарэнка актыўна сцвярджаў: ”Гісторыя робіцца зараз!” Калісьці Чарнобыль стаў адной з самых чорных старонак нашай гісторыі, такімі ж словамі, нажаль, можна вызначыць зараз і беспрэцэндэнтныя судовыя расправы над удзельнікамі Плошчы і кандыдатамі ў прэзідэнты.
Як і чвэрць стагоддзя таму, калі савецкія ўлады спрабавалі змаўчаць факт “выбуху” на рэактары ці хаця б не дапусціць розгаласу сапраўдных прычын і маштабу катастрофы, сучасным нашчадкам “савецкіх правадыроў” хацелася б змаўчаць і пра маштабы той катастрофы, якая адбываецца ў Беларусі ў палітычнай і эканамічнай галінах. А для ўсіх, хто хоча адважыцца ўзняць дыскусію ці знайсці праўдзівыя прычыны сучасных праблем, існуе “судовая сістэма” і “кола доказаў”.
Нягледзячы на атмасфэру страху, якая ўсталявалася ў грамадстве пасля апошніх трагічных падзей і практыкі затрыманняў на папярэдніх “палітычных” працэсах, на суд прыйшло даволі шмат людзей. Людзей, сярод якіх былі грамадскія, палітычныя, культурніцкія дзеячы, сваякі рэпрэсаваных і проста неабыякавыя людзі, якія на ўласныя вочы хацелі пабачыць, як жа выглядае беларускае “правасуддзе”. У залю прайсці атрымалася далёка не ўсім ахвотным з-за таго што зала была часткова забіта актывістамі БРСМ. Але сабраўшыйся натоўп не разыходзіўся, нягледзячы на гэта.
Пракурор запатрабаваў 3 гады калоніі, суддзя “гуманна” пастанавіла, пакінуўшы папярэдне сабе ноч і раніцу на роздумы, асудзіць да двух гадоў. Не ўлічылі ні неабгрунтаваную доказную базу, ні паўстаўшыя цягам следства праблемы са здароў’ем абвінавачанага.
На наступны дзень адразу ў двух судах гораду пачаліся працэсы. У Партызанскім: над былым кандыдатам у прэзідэнты Андрэем Саннікавым, а таксама Іллём Васілевічам, Алегам Гнедчыкам, Фёдарам Мірзаянавым, Уладзімерам Яроменкам. У Кастрычніцкім: над Паўлам Вінаградавым, Алесем Кіркевічам, Дзмітрыем Драздом, Уладзімерам Хамічэнкам, Андрэем Пратасенем. Астатнія абвінавачаныя чакаюць “суднага дня” ў СІЗА №1 і СІЗА КДБ.
Як і чвэрць стагоддзя таму Беларусь перажывае складаны час, чакаючы дню, які б асудзіў сучасную сістэму. Але ад слоў шчырага католіка, Змітра Бандарэнкі, хочацца верыць, што перамны неўзабаве адбудуцца, што вера і падтрымка адзін аднаго могуць зрушыць цвярдыні зла ў гэтай краіне і ў гэтым народзе. Што гісторыю, насамрэч, робім “Мы”!
Пакінуць новы каментар