Фігуранты "справы графітыстаў" на свабодзе
Следства палічыла магчымым хадайнічаць перад пракурорам аб змене меры стрымання. Яраслаў Ульяненкаў, Вячаслаў Касінераў і Вадзім Жаромскі цяпер знаходзяцца пад падпіскай аб нявыезде.
Следчым камітэтам працягваецца расследаванне крымінальнай справы, якую ў СМІ назвалі «справай графіцістаў», паведамляе сайт Следчага камітэта. Дзве асобы прыцягнутыя ў якасці падазраваных па крымінальнай справе, яшчэ двум прад'яўленыя абвінавачванні ў здзяйсненні злоснага хуліганства.
Падчас папярэдняга расследавання праведзены асноўныя працэсуальныя дзеянні: допыты падазраваных і сведкаў, агляды мясцовасці, пашкоджанай маёмасці, канфіскаваныя дакументы, камп'ютарная тэхніка, мабільныя прылады і іншыя рэчавыя доказы. Прызначаныя неабходныя экспертныя даследаванні.
Абвінавачаныя сваю віну ў інкрымінаваных дзеяннях прызналі цалкам, чыстасардэчна раскаяліся і пакрылі прычыненую шкоду ў поўным аб'ёме.
Тлумачачы следчым матывы сваіх дзеянняў, адзін з падазраваных распавёў, што пашкодзіў білборды з-за крыўды на супрацоўнікаў праваахоўных органаў.
З улікам выканання неадкладных следчых дзеянняў па справе, прызнальных паказанняў абвінавачаных, іх раскаяння і кампенсацыі нанесенай шкоды, а таксама ўлічваючы той факт, што абвінавачаныя не змогуць перашкодзіць далейшаму расследаванні крымінальнай справы, следства палічыла магчымым хадайнічаць перад пракурорам аб змене меры стрымання. Гэтае хадайніцтва задаволена.
Мера стрымання ў дачыненні да абвінавачаных зменена на падпіску аб нявыездзе і належных паводзінах.
Нагадаем, што 11 жніўня пяцёра хлопцаў былі жорстка затрыманыя па падазрэнні ва ўдзеле па трох крымінальных справах: нанясенню беларуска-моўных графіці «Беларусь мае быць беларускай» і «Рэвалюцыя свядомасці», а таксама запэцкванню фарбай сацыяльнага білборда з выявамі супрацоўнікаў міліцыі.
Праабаронцы тады выступілі з заявай наконт сітуацыі, запатрабаваўшы неадкладнага вызвалення з-пад варты Вячаслава Касінерава, Максіма Пякарскага і Вадзіма Жаромскага.
Паводле газеты "Наша Ніва"
Пакінуць новы каментар