Цэнзура блакуе турэмную карэспандэнцыю Лобава
Ад Эдуарда Лобава, які адбывае пакаранне ў Івацэвіцкай калоніі №22, даходзіць не ўся карэспандэнцыя.
Пра гэта паведаміла маці палітвязня Марына Лобава.
«Сын тэлефанаваў у суботу, казаў, што здаровы і ўсё нармальна. Спатканне ў нас яшчэ не хутка. Планую ў чэрвені, але не ведаю, адбудзецца ці не — гэта заўсёды пад пытаннем. Калі і будзе, то доўгае», — паведаміла спадарыня Лобава.
Марына Лобава адзначыла, што ў чэрвені ў яго сканчваецца вучоба і ён атрымае дыплом электрагазазваршчыка.
«Праблем з сувяззю ў мяне з Эдуардам няма, але ад іншых людзей да яго і ад яго па нейкіх прычынах даходзіць не ўся карэспандэнцыя», — дадала Марына Лобава.
Нагадаем, Эдуард Лобаў асуджаны да 4 гадоў калоніі па абвінавачанні ў хуліганстве. Яго і лідара «Маладога фронту» Змітра Дашкевіча абвінавацілі ў нібыта збіцці мінакоў у Мінску 18 снежня напярэдадні Прэзідэнцкіх выбараў. У судзе «пацярпелыя» давалі паказанні, схаваўшы твары ад публікі.
Пакінуць новы каментар