Ці сышлі ў нябыт бесчалавечныя метады Штазі?

Пасля падзення берлінскага муру грамадскасці стала вядома пра псіхалагічныя катаванні спецслужбаў ГДР, якія шырока ўжываліся супраць дысідэнтаў.

Адукаваных, разумных, крытычна настроеных да камуністычных уладаў людзей з дапамогай вытанчаных метадаў разбурэння асобы заганялі ў маргінэз, правакавалі стрэс, дэпрэсію, даводзілі да самагубства. Ад думкі, што ідэі Штазі могуць быць запатрабаванымі дыктатурамі сучаснасці становіцца страшнавата.

Пра метад псіхалагічнага знішчэння апанентаў камуністычнага рэжыму расказвае Іван Сіяк на сайце Bird in Flight.

Пасля падзення Берлінскага муру для вывучэння адкрыліся 111 кіламетраў стэлажоў з папяровымі дакументамі, 47 – з мікрафільмамі, больш за 1 400 000 фатаздымкаў, аўдыёзапісаў і кінастужак. Яны сведчаць аб тым, як у ГДР будавалася оруэлаўская сістэма усеагульнага сачэння і пакарання іншадумцаў.

У 1970-х гадах пачалася нармалізацыя адносін паміж дзвюма часткамі падзеленай Нямеччыны. Прызнаўшы пасляваенныя межы, краіны усталявалі дыпламатычныя адносіны, а неўзабаве ГДР прынялі ў ААН. Не з'яўляючыся больш ізгоем у знешняй палітыцы, ГДР асцярожней, з аглядкай на міжнародныя нормы, цяпер праводзіла унутраную. Міністэрства дзяржаўнай бяспекі (Ministerium für Staatssicherheit / Stasi / Штазі) вымушана было прыцішыць агрэсіўнасць, зь якой пераследавала і саджала ў турмы дысідэнтаў.

Спрабуючы знізіць колькасць палітычных зняволеных, але ня даць дысідэнтам падняць галаву, у 1976 годзе Штазі запускае зусім сакрэтную праграму Zersetzung, чыю назву перакладаюць як «разлажэнне» або «біядэградацыя». Яна прадугледжвала разбурэнне сакрэтнымі метадамі кар’еры, прыватнага жыцця, самой асобы палітычных актывістаў у спробе ня даць ім магчымасці, сіл і часу процістаяць рэжыму. У гэтым уладам дапамагала армія таемных агентаў і інфарматараў, колькасць якіх да 1975 году дасягнула 200 000, гэта значыць 1% ад насельніцтва краіны.

Цытата з інструкцыі Міністэрства дзяржбяспекі ГДР № 1 / 76:

«Зацьверджанымі метадамі "Біядэградацыі" ёсць:

  • Сістэматычная дыскрэдытацыя шляхам распаўсюджвання праўдзівых, правяраемых і фальшывых, але праўдападобных ганьбавальных заяў.
  • Сістэматычная арганізацыя правалаў у працы і сацыяльным жыцці для знішчэння упэўненасці суб’ектаў у сабе.
  • Сфакусаванае знішчэнне перакананняў, звязаных з пэўнымі ідэаламі і прыкладамі для пераймання, стварэнне сумневаў у слушнасці сваёй пазіцыі.
  • Стварэнне ў групах і арганізацыях атмасферы недаверу, узаемнай падазронасці і суперніцтва з дапамогай выкарыстання слабасцяў некаторых з іх членаў... »

Паводле дадзеных назіранняў, паведамленняў стукачоў і апытанняў найбліжэйшага атачэння складаўся псіхалагічны профіль суб’екта «Біядэградацыі» з акцэнтам на яго слабасці, па якіх наносіўся навукова абгрунтаваны і выразна пралічаны ўдар. Нядзіўна, што немцы часта цярпелі ад сваёй акуратнасці і педантычнасці. Напрыклад, у многіх даказаных выпадках агенты Штазі пранікалі ў кватэры, каб перавесіць карціны, пасунуць мэблю, замяніць гатункі гарбаты і спецы ў банках.

У справе лекара Р. з гораду Шверын перавешванне ручнікоў у лазенцы і перастаноўка вазонаў на падваконні спалучаліся з разбурэннем кар’еры. Галоўны лекар, сакрэтны супрацоўнік Штазі, пастаянна і ў прысутнасці калег абвяргаў пастаўленыя ёю дыягназы, а настроеныя адпаведным чынам хворыя адмаўляліся ад яе лячэння. Праз некалькі месяцаў ахвяра пераследу звольнілася з працы, пераехала ў іншы горад і перастала выходзіць з кватэры. Да выкрыцця сістэм «Біядэградацыя» яна не дажыла некалькі месяцаў, пакончыўшы з сабой неўзабаве пасля падзення Берлінскага муру.

Маніпуляцыі з прадметамі ў кватэры, бясконцыя тэлефонныя званкі, незамоўленыя дастаўкі (у дакументах згадваюцца вібратары) разбуралі псіхіку. Атручванне ежы і наўмысна няправільнае лячэнне – здароўе. Ананімкі, чуткі і фотамантажы – рэпутацыю. Вядомая справа каталіцкага святара, якога агент зазняў на адным з папулярных у ГДР нудысцкіх пляжаў. Пазней фота было змантавана са здымкам вядомай у мястэчку прастытуткі і вывешана на браме царквы.

Паводле сучасных ацэнак, ахвярамі «Біядэградацыі» сталі да 10000 чалавек, псіхіцы ня менш за палову з іх была нанесеная незваротная шкода. Гэта даказвае выключную эфектыўнасць методыкі і тлумачыць, чаму падобныя метад прымяняюцца спецслужбамі па усім свеце. У прыватнасці, маскоўскі карэспандэнт брытанскай газет Guardian у 2007-2010 гадах, аўтар кнігі «Мафіёзная дзяржава» Люк Гардынг сцвярджае, што ў ягоны дом, кватэру і офіс неаднаразова урываліся супрацоўнікі ФСБ.

Яны пакідалі адчыненымі вокны, адключалі ацяпленне, мянялі скрынсэйвэры, перастаўлялі будзільнік. На думку журналіста, гэта рабілася, каб запалохаць, паказаць сваю усёмагутнасць і сталую прысутнасць побач. У расейскім выкананні методыка працуе ня горш, чым у нямецкай. Гардынг піша, што, вярнуўшыся ў Ангельшчыну, ён адразу ж наглуха заблакаваў уваходныя дзверы. Параноя адпусціла яго толькі праз некалькі месяцаў. 

Паводле Радыё Свабода

0 Comments

Пакінуць новы каментар

  • Радкі ды абзацы пераносяцца аўтаматычна.
  • Дазволеныя HTML тэгі: <a> <p> <span> <h3> <img> <hr> <br> <br /> <ul> <ol> <li> <table> <tr> <td> <b> <u> <i> <sub> <sup> <blockquote> <pre> <strike> <caption> <em> <strong>
  • Вы можаце дапісваць PHP-код. У такім выпадку ўключайце тэгі <?php ?>.
  • You may insert videos with [video:URL]
  • Адрэсы вэс-старонак і е-мэйл адрэсы пераўтворацца ў спасылкі аўтаматычна.

Больш інфармацыі пра опцыі фарматавання

CAPTCHA
Каб падтвердзіць, што Вы чалавек, калі ласка ўвядзіце код з малюнка ніжэй:
Image CAPTCHA
Увядзіце літары з малюнку