“Беларускі вечар” у польскім Аполе
Сустрэча на тэму моладзевага жыцця ў Беларусі адбылася ў польскім горадзе Аполе.
“З ініцыятывай арганізаваць такі вечар выступіла моладзь пратэстанцкай царквы “Ostoja", - зазначыла арганізатарка імпрэзы, студэнтка праграмы Каліноўскага, Святлана Раслякова. – Пасля маіх аповедаў пра жыццё ў Беларусі, аб адсутнасці свабоды, чаму я не магу далей навучацца ва ўласнай краіне, польскія сябры пажадалі больш паглыбіцца ў тыя праблемы, з якім сутыкаецца кожны малады беларус, які пачаў змагацца з рэжымам Лукашэнка.”
Імпрэза прайшла ў пратэстанцкай царкве ў форме інтарв’ю з беларускімі студэнтамі-каліноўцамі, якія навучаюцца ў Аполі, пасля чаго гледачы мелі шанец пабачыць фільм пра Беларусь і апошнія выбары ў краіне. На завяршэнні адбылася дабрачынная латэрэя, пераможцы атрымалі ў падарунак сапраўднае беларускае сочыва і кісель.
Працяг мерапрыемства ладзіўся ў царкоўнай кавярні, дзе на “шведскім стале” магчыма было пакаштаваць адмыслова прыгатаваныя па беларускіх рэцэптах прысмакі і паслухаць беларускую музыку.
“Пад час вечарыны мы казалі, што свабода вельмі важная для чалавека – як фізічная, так і духоўная. Самае жахлівае, калі людзі жывуць у “турме ўласных думак” і не намагаюцца нешта з гэтым рабіць. Але калі ў вас ёсьць вера, што дае духоўную свабоду, свабоду думкі, сабоду планаў, жаданняў, мэтаў, то ўжо не можаш ціхенька сядзець на кухні і мірыцца з існым становішчам. Выходзіць на вуліцы і бараніць свае правы – права выбара, якое ніхто не можа ў нас забраць,” – дадае Святлана.
Асаблівую падзяку ў арганізацыі мерапрыемства студэнты-каліноўцы выказалі пастару царквы Ostoja – Пятру Завадскаму, моладзевым лідарам царквы: Бартку і Жанэт Качмарак, Шымону і Дамарыс Ляткевіч, Шымону і Паўліне Шчышын, якія здзейснілі істотную падтрымку і паспрыялі правядзенню імпрэзы.
Пакінуць новы каментар