“Мы разгарнулі бел-чырвона-белы сцяг перад міліцыяй, якая не пускала нас у цэнтр горада”
Мастачка з Нясвіжа Наталля Бордак узгадвае акалічнасці свайго затрымання на Дзень Волі і некаторыя дэталі адбывання адміністрацыйнага арышту на Акрэсціна.
Нас з рэжысёркай Вольгай Мікалайчык затрымалі ў суботу 25-га сакавіка, калі мы спрабавалі прайсці ў цэнтр Мінска, каб прыняць удзел у адзначэнні Дня Волі. Цэнтр быў ачэплены кардонамі сілавікоў. Калі нам сказалі, што нас не прапусцяць, мы дэманстратыўна разгарнулі б-ч-б сцяг перад кардонам міліцыі.
Да нас адразу падскочылі міліцыянты, падхапілі спачатку Вольгу Мікалайччык, а потым і мяне. У маіх руках быў сцяг. Ён цягнуўся па зямлі. Адзін з міліцыянтаў наступіў на сцяг. Я яму кажу: “Хаця б сцяг не тапчы!”. Мая матуля, якой ужо няма, цудоўна спявала народныя песні. Маміну любімую песню я спявала ў міліцэйскай ГАЗелі з сіняй паласой, у якой нас вазілі па горадзе.
Тое, што мы ўбачылі каля РУУС, нас уразіла. Тварам да сцяны стаяць людзі і праз кожныя тры метры наглядчыкі-міліцыянты.
Потым нас павялі ў спартовую залю. Чалавек 70 там было, яны ўвесь час мяняліся.
Каля 21 гадзіны нас адвезлі ў ІЧУ на Акрэсціна. Рэчы пазабіралі. Сядзелі без ежы, вады. Уначы а палове 3-й паднялі і перавялі ў іншую камеру, там было па 3-5 чалавек.
Пасля суда на наступны дзень пасялілі нас утрох у шасцімесную камеру: я, Вольга Мікалайчык і Марына Касталянчанка. Вечарам 26-га нас перакінулі ў малую трохмесную камеру, сказалі: вось вам “віп-камера”.
Кожную раніцу выводзілі тварам да сцяны і правяралі нашыя рэчы. Усе рэчы вытрэслівалі з торбаў, трэслі матрасы. Я ім кажу: “Што вы роецецся ў маіх рэчах?” “Мы не роемся, мы даглядаем!” – гучала ў адказ.
Вельмі непрыемна ўразіла, што наглядчыкі дэманстрацыйна і нахабна кожную раніцу на пераклічцы скажалі маё прозвішча, казалі не Бордак, а Бардак. Так здзекваліся...
Прагулка была раз на дзень. У душ мы не хадзілі.
У загончыку, дзе нас вадзілі на прагулку, я спявала гімн Украіны, “Рэчанька”,
Яны скрыгаталі зубамі, але маўчалі.
Пакінуць новы каментар