“Праваабарончая школа ”працягвае заняткі
Адбыліся чарговыя заняткі ”Праваабарончай школы”, арганізаванай Камітэтам “Салідарнасьць” для бацькоў маладых грамадскіх актывістаў. На гэты раз удзельнікі семінара вывучалі ролю грамадскіх і праваабарончых арганізацый у рэалізацыі міжнародных механізмаў абароны правоў чалавека на Беларусі.
Вядучая семінара прваабаронца Алена Танкачова пазнаёміла слухачоў школы з тым, як працуюць важнейшыя міжнародныя інстытуты: Камітэт ААН па правах чалавека, АБСЕ, Савет Еўропы, Камісія ЕС і іншыя. Адзначалася, што выкарыстанне міжнародных механізмаў у сённяшніх умовах - адзн з нешматлікіх інструментаў уздзеяння на беларускія ўлады.
На другім семінары гэтага цыкла заняткаў гутарка йшла аб правапрымяняльнай практыцы выкарыстоўвання нацыянальнага заканадаўства ў сферы абароны правоў чалавека.
Вядучы семінара юрыст Гары Паганяйла прааналізаваў, чаму сёння не працуе Канстытуцыя – галоўны закон краіны, чаму ў найноўшай гісторыі Беларусі не было ні воднага рашэння суда, якое б у сваёй матывіровачнай частцы спасылалася на палажэнні Канстытуцыі. Напрыканцы заняткаў Гары Паганяйла адказаў на шматлікія пытанні слухачоў школы, якія прыехалі на семінар з усіх абласцей Беларусі.
Вядучыя заняткаў ”Праваабарончай школы” выказалі свае думкі наконт карыснасці такой вучобы.
Алена Танкачова:
- Такога кшталту мерапрыемствы даюць каштоўную магчымасць звярнуцца да тэарытычных асноў правоў чалавека і размаўляць аб іх з людзьмі, якія, ці самі прайшлі праз нейкія сітуацыі, у якіх адчулі што іх правы парушаныя, ці з’яўляюцца сваякамі ахвяр. Што асабліва важна, гэтыя людзі не губляюць упэўненасці ў сябе і імкнуцца падвысіць свае веды, і далей сваёй дзейнасцю зрабіць унёсак у выпраўленне сітуацыі з правамі чалавека ў краіне.
Я лічу, што адукацыя і асвета ў галіне правоў чалавека, удзел у такіх семінарах і трэнінгах, дазваляе, па-першае, пашыраць праваобарончую супольнасць, па другое, рабіць правабарончую дзейнасць больш зразумелай і прывабнай, і па-трэцяе, дае магчымасць удзельнікам такіх семінараў быць больш аргументаванымі пры ўласнай абароне правоў.
Шчыра кажучы, я мару аб тым часе, калі ў Беларусі будзе функцыянаваць акадэмічны інстытут, які будзе займацца выключна вывучэннем правоў чалавека як міждысціплінарнай навукай. Каб наблізіць гэты час праваабаронцам ужо сёння трэба шмат займацца экспертнай, аналітычнай, навуковай працай. Я сваю ўласную рэалізацыю бачу менавіта ў такой перспектыве і буду рада, калі змагу гэта здзейсніць.
Гары Паганяйла:
- На жаль, наша дзяржава не абцяжарвае сябе тым, каб усе грамадзяне добра ведалі свае правы і маглі імі распараджацца. Бо такія веды прымушаюць несці адказнасць за стан спраў у сваёй дзяржаве і жаданне мець уладу, якая будзе служыць народу, а не дзейнічаць так, як сёння дзейнічаюць нашы ўлады, па прынцыпе паліцэйшчаны і бюракратыі. Карыстаючыся тымі паўнамоцтвамі, якія мы ім уручылі, яны не робяць нашу жызнь лепш,а пераследваюць сваі вузкія, карысныя меты. Канешне, яны не зацікаўленыя, каб народ адстойваў свае правы, то бок змагаўся з тымі ж чыноўнікамі.
Навучыцца абараняць свае правы і свабоды, сваю асабістую годнасць - гэта першасная задача кожнага грамадзяніна, калі ён жадае быць ім, а не адзінкай насельніцтва.
Семінары, якія праводзяць праваабаронцы, карысныя перш за ўсё тым, што навучаюць спосабам абароны, якія дадзены нам Канстытуцыяй і законамі, навучаюць ведам аб тых механізмах, якія грамадзяне могуць выкарыстаць дзеля рэалізацыі сваіх правоў.
Пакінуць новы каментар