“Трымайцеся, Алесь! Людзi сумлення з вамi!”

Ад 2 лістапада ў Мінску пачаўся судовы працэс над старшынём праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесем Бяляцкім.
 
Алеся Бяляцкага вінавацяць ва ўхіленні ад сплаты падаткаў у асабліва буйных памерах з грошай, якія ішлі на праваабарончую дзейнасць “Вясны”, на дапамогу людзям, што не баяцца выказваць нязгоду з існуючым у краіне становішчам і сутыкаюцца з  адміністратыўнымі арыштамі, штрафамі, турмамі.
 
Загадзя, яшчэ да пачатку суда, на ганку пачалі збірацца дзясяткі людзей, ахвотных патрапіць у судовую залю, каб нарэшце пабачыць і падтрымаць Бяляцкага, які ўтрымліваецца ў следчым ізалятары ад 4 жніўня. Сярод сабраўшыхся былі  прадстаўнікі СМІ, дыпламатычных місій, калегі і палітычныя лідэры, грамадскія актывісты. Нават не ўсе ахвотныя змаглі патрапіць у судовую залю.
 
Разгляд справы адбываецца ў Маскоўскім раённым судзе сталіцы. Як не дзіўна, будыніна месціцца на вуліцы “Газеты Праўда”, той самай газеты, якая ўжо каля стагоддзя спрабуе ўсякім чынам перакруціць саму сутнасць сваёй назвы. Мала хто меў сумнівы, што і судовае разбіральніцтва пойдзе ў адпаведным “савецкім” кірунку.
 
Вось што казалі людзі, якія прыйшлі падтрымаць Алеся Бяляцкага, і не  патрапілі у судовую залю:
 
Спадарыня: “Горка і крыўдна! Супрацоўнікі праваабарончых арганізацый – адзіная абарона ў гэтай бяспраўнай дзяржаве... Трымайцеся, Алесь! Людзi сумлення з вамi!”
 
Студэнт Васіль:“Прыйшоў да суду, хоць і ўяўляў, што хутчэй за ўсё ў саму залю патрапіць не змагу. Але вельмі хочацца хоць нейк падтрымаць Бяляцкага, каб вакол людзі бачылі, што да гэтай справы звернута грамадская ўвага, што такое вось “судзілішча” немагчыма здзейсніць употай. Мяне гэтым летам арыштавалі за нібыта ўдзел ў маўклівых акцыях, хоць я проста чакаў сяброўку на вакзале. Праз дапамогу праваабаронцаў зразумеў, што я не адзін у гэтай бядзе і здолеў пераадолець страх перад сістэмай, якая склалася ў нас у Беларусі.”
 
А 10й гадзіне распачалося судовае паседжанне пад кіраўніцтвам суддзі Сяргея Бандарэнка. Ад самага пачатку Алесь Бяляцкі падаў хадайніцтвы аб вядзенні працэсу па-беларуску і змены меры стрымання, але суддзя іх адхіліў. Пракурор Сайкоўскі  пагражаў Бяляцкаму да 7 гадоў зняволення з канфіскацыяй маёмасці іспрабаваў даведацца, ці меў ён прыбыткі ад  грамадзкай дзейнасці? Ці плацяць Бяляцкаму як віцэ-прэзідэнту Федэрацыі правоў чалавека?
 
Усіх прысутных моцна здзівіў факт, што,  нягледзячы на кепскія ўмовы ўтрымання ў турме на Валадарскага,  узровень  падрыхтоўкі  Алеся Бяляцкага да працэса быў выдатным, ён даваў дзёрзкія і канкрэтныя адказы, звяртаўся з вострымі пытаннямі  да суддзі і пракурора, ад якіх ім прыходзілася выключна апускаць вочы.
 
Праваабаронца даводзіў,  што банкаўскія дадзеныя, прадстаўленыя афіцыйнаму Менску
 
Летувіскім і Польскім бокам гэтым летам, ішлі канкрэтна на дзейнасць арганізацыі “Вясна”, на дапамогу ахвярам рэпрэсій існуючага рэжыму. Бяляцкі тлумачыў, што. фактычнай несплаты падаткаў не было, ўсе звесткі з рахункаў не асабістыя, а карпаратыўныя, арганізацыйныя. Разам з тым па пунктах пералічыў пераводы, якія адзначаныя ў гэтых рахунках, і канкрэтна ўказаў, што яны пераводзіліся не на прозвішча Бяляцкага, а на дзейнасць праваабарончага цэнтру «Вясна», на канкрэтныя праваабарончыя праекты, публікацыю вынікаў выбараў ў Беларусі. Бяляцкі таксама пацвердзіў, што сродкі на рахунак пералічвалі Шведскі Хельсінскі камітэт, праваабарончая арганізацыя Human Rights Defence і іншыя замежныя партнёры «Вясны».
 
Свае ўражанні адносна суду пакінуў Аляксандр Мілінкевіч:
 “Я думаю, што салідарнасць — гэта галоўная наша зброя. І вельмі важна, каб яна была тут, у Беларусі, і з боку дэмакратычных краін.
 
Гэта мой маральны абавязак — быць тут. Я ведаю вельмі даўно Алеся і вельмі  паважаю гэтага чалавека. Гэта, насамрэч, выдатны праваабаронца, чалавек, які чынам, а не словамі робіць усё, каб была дэмакратыя на Беларусі.
 І я веру, што ён будзе лаўрэатам Нобелеўскай прэміі. Бо ў Беларусі, безумоўна, як асоба заслугоўвае на такую прэмію менавіта Бяляцкі.

У нашай краіне няма справядлівага суду ўжо даўно, усё будзе вырашаць палітычная мэтазгоднасць. І рэжым будзе ацэньваць тое, якое пакаранне прыдумаць Бяляцкаму, адпаведна сваім інтарэсам.


 
Калі інтарэсы аднаўлення дыялогу з Захадам сёння на першым пляне, ён атрымае менш. Калі галоўнае — застрашыць унутры краіны дэмакратычную супольнасць. З дапамогай гэтага працэсу будуць спрабаваць павялічыць запалохванне людзей.
Таму няма суду пры гэтым рэжыме і не будзе”.

 

0 Comments

Пакінуць новы каментар

  • Радкі ды абзацы пераносяцца аўтаматычна.
  • Дазволеныя HTML тэгі: <a> <p> <span> <h3> <img> <hr> <br> <br /> <ul> <ol> <li> <table> <tr> <td> <b> <u> <i> <sub> <sup> <blockquote> <pre> <strike> <caption> <em> <strong>
  • Вы можаце дапісваць PHP-код. У такім выпадку ўключайце тэгі <?php ?>.
  • You may insert videos with [video:URL]
  • Адрэсы вэс-старонак і е-мэйл адрэсы пераўтворацца ў спасылкі аўтаматычна.

Больш інфармацыі пра опцыі фарматавання

CAPTCHA
Каб падтвердзіць, што Вы чалавек, калі ласка ўвядзіце код з малюнка ніжэй:
Image CAPTCHA
Увядзіце літары з малюнку