“Я ўсвядоміў якімі рэсурсамі валодаю і як больш эфектыўна імі скарыстацца”
Пад Мінскам прайшоў трэнінг для звольненых з працы актывістаў “Асаблівасці асобы: даведайся, хто ты, каб зразумець, што рабіць”.
На трэнінгу разглядаліся пытанні матывацыі, пераадолення псіхалагічных бар’ераў, самаацэнка, рэсурсы ўласнага “Я” чалавека, рэалізацыя ўласнага патэнцыялу, як стаць больш паспяховым у адпаведнасці са сваёй стратэгіяй. Усё рабілася ва ўмовах калектыўнай і індывідуальнай працы з улікам асабістых аспектаў удзельнікаў. Накіроўвала і дапамагала раскрыць уласны патэнцыял псіхолаг, спецыяліст у галіне арт-тэрапеўтычных тэхнік Таццяна Крашэўская.
Сваімі ўражаннямі ад заняткаў першай сесіі трэнінгаў дзеляцца іх удзельнікі:
“Я прыехаў ціхім, замкнёным чалавекам, але з дапамогай Таццяны я здолеў раскрыць у сябе некаторыя свае схаваныя пачуцці, эмоцыі, натхненні. Я ўсе гэта выявіў на сваіх малюнках. Гэтыя малюнкі – які я зараз і якім я хачу стаць, і што для гэтага трэба рабіць. Сутнасць гэтай, так званай арт-методыкі ў тым, што ты шукаеш свой асабісты свет, настройваеш сам сябе на працу над сабой, будуеш свой лёс”, – кажа кіраўнік сацыяльна-прававой ініцыятыўнайй групы “Праметэй” Аляксандр Ільінец (Віцебск).
“Вельмі добры семінар. Па шчырасці, я многа вучылася, мела такую магчымасць, і магу параўноўваць. Калі табе дапамагаюць знайсці адказы на многія пытанні, знайсці самастойна шляхі вырашэння праблемаў – гэта вельмі здорава. Бо звычайна чалавек застаецца сам на сам са сваімі праблемамі, напрыклад, калі губляе працу. І калі з боку табе падказваюць, што гэта не ўсё ў жыцці, што ты яшчэ шмат можаш зрабіць і мусіш зрабіць. Я вельмі рада, што сюды трапіла, хацела б надалей працягваць гэтае навучанне, і каб сюды трапілі тыя, хто мае ў такім трэнінгу патрэбу, бо ён сапраўды на шмат якія пытанні дае адказы”, – адзначае актывістка Рух “За Свабоду”Алена Фаміна (Віцебск).
“Семінар быў вельмі пазітыўны. Я даведаўся шмат рэчаў, якія тычацца маёй асобы. З дапамогай псіхолага я ўсвядоміў якімі рэсурсамі валодаю і як больш эфектыўна імі скарыстацца. Вельмі добрым быў курс па маёй матывацыі, разглядаліся плюсы і мінусы. Усе заданні праходзілі ў інтэрактыўнай форме, праз камунікацыі і стасункі тэт-а-тэт, што дазволіла эфектыўна засвоіць матэрыял і зрабіць высновы”, – мяркуе прадстаўнік ГА “Альтэрнатыва” Алег Корбан.
Вядоўца трэнінгу Таццяна Крашэўская задаволеная актыўнасцю падапечных:
“Асаблівасць трэнінга ў тым, што мы гаворым не што рабіць, а як рабіць. Даем пэўныя метады, тэхнікі, адпрацоўваем іх з людзьмі і, па-другое, усё гэта каардынуецца з улікам запытаў праблемнага поля ўдзельнікаў. Удзельнікі першага этапу перадалі мне шэраг пытанняў для наступнага этапу трэнінгу, з улікам якіх будзе ўдасканалена праграма. Таксама шэраг удзельнікаў выказалі жаданне індывідуальнага кансультавання па пэўных праблемах, якія ўдалося вывесці з падсвядомасці ў свядомасць. Людзі ўсвядомілі іх і хочуць працягнуць працу над сабой”, – падсумоўвае Таццяна.
Нагадаем, серыя трэнінгаў з агульнай назвай “Асабістая эфектыўнасць і матывацыя: формула поспеху” рэалізуецца пры падтрымцы камітэта “Салідарнасць”, дапамагае яе ўдзельнікам, людзям, звольненым за сваю грамадзянскую пазіцыю, даследаваць свае асобасныя асаблівасці, паспрыяць самараскрыццю, самапазнанню, высвятленню «Я-канцэпцыі», усведамленню сваіх сацыяльных роляў.
Пакінуць новы каментар