Cтудэнты- каліноўцы сустрэліся на з’ездзе ў Белавежы.(дадаецца відэа)
Удзельнікі праграмы Канстантына Каліноўскага з розных універсітэтаў Польшчы з’ехаліся на свой чарговы агульны з’езд, які прайшоў 8-10 снежня ў мястэчку Белавежа на граніцы Польшчы і Беларусі.
Падчас з’езду дырэктар Праграмы Ян Маліцкі прывёў лічбы, якія сведчаць аб поспяховых выніках дзейнасці Праграмы:
У 2011 і 2012 гг. дыпломы і навуковыя ступені атрымалі 163 асобы. З іх 97 сталі магістрамі, 2 асобы абаранілі доктарскія дысертацыі, 62 асобы атрымалі дыпломы бакалаўра, скончыў навуковую стажыроўку 1 чалавек і яшчэ 1 атрымаў дыплом інжынера.
-Мы вельмі высока ацэньваем інвестыцыі ў падрыхтоўку дыпламаваных беларускіх спецыялістаў, якія робіць наша краіна-суседка Польшча,- адзначыў у сваім выступленні на з’ездзе адзін з заснавальнікаў праграмы, лідэр Руху “За свабоду!” Аляксандр Мілінкевіч.
-Зараз вы навучыецеся, а заўтра мусіце далучыцца да тых, хто будзе ствараць перамены на Беларусі,- звярнуўся ён да студэнтаў.
Аляксандр Мілінкевіч падкрэсліў важнасць вывучэння студэнтамі польскіх рэформаў у галіне эканомікі, права, стварэння грамадскіх інстытутаў. Досвед, набыты студэнтамі падчас навучання ў межах Праграмы Каліноўскага, будзе вельмі карысным для беларускага грамадства.
Старшыня Камітэту “Салідарнасьць” Іна Кулей нагадала: ў рэгламенце Праграмы прапісана, што удзельнічаць у ёй можа перш за ўсё рэпрэсаваная беларуская моладзь. Права той ці іншай асобы ўдзельнічаць у Праграме перавераецца па базе дадзеных беларускіх праваабарончых арганізацый: “Вясны”, БХК, Праваабарончага альянса і іншых.
З 2011 года склад удзельнікаў праграмы пашырыўся, зараз у Польшчы навучаюцца не толькі студэнты, але і аспіранты і навукоўцы, якім на радзіме перашкаджаюць займацца навуковай дзейнасцю, што не адпавядае дзяржаўнай ідэалогіі. У планах на будучыню – даць магчымасць прыняць удзел у Праграме Каліноўскага на конкурснай аснове таксама таленавітым хлопцам і дзяўчынкам з беларускай “глыбінкі”.
Праграма з’езду была досыць насычаная. Удзельнікам былі прапанаваны аналітычныя семінары польскіх і беларускіх даследчыкаў. Прафесар А.Вардамацкі распавёў пра вынікі сацыялагічных апытанняў чаканняў і настрояў у сучасным беларускім грамадстве. Польскі прафесар, палкоўнік Т.Krzastka азнаёміў з канцэпцыямі агульнай абароннай палітыкі Еўрапейскага Саюзу.
Удзельнікі з’езду прынялі удзел у інтэрактыўнай гульне на тэму “Беларусь- паміж Усходам і Захадам”, сустрэліся з кінарэжысёрам С. Ісакавым і прагледзілі фільм “Булак-Булаховіч.Генерал нескончанай вайны”, з’ездзілі на экскурсію у Белавежскую Пушчу ў рэзервацыю зуброў.
Традыцыйным і сімбалічным вынікам кожнага з’езду каліноўцаў ужо стала наведванне вескі Мастаўляны, дзе нарадзіўся Кастусь Каліноўскі і месца, дзе загінуў генерал Ё. Булак-Булаховіч ў Белавежы.
Пакінуць новы каментар