Аднаго журналіста аштрафавалі “за брыдкаслоўе”, другога – “за незаконны выраб СМІ”
Сілавыя структуры працягваюць перашкаджаць працы журналістаў, а судовая сістэма аказвае на прадстаўнікоў незалежных СМІ ціск, караючы штрафамі.
На мінулым тыдні, 20 красавіка у судзе Першамайскага раёна аператара тэлеканала “Белсат” Алеся Любенчука пакаралі штрафам “за брыдкаслоўе” (дробнае хуліганства, артыкул 17.1 КаАП). Паводле сведчанняў міліцыянтаў, Любянчук брудна лаяўся ў памяшканні РУУС ў прысутнасці супрацоўнікаў міліцыі. У суда не ўзнікла сумневаў у сведчаннях міліцыянтаў. Суддзя Гарбатоўскі абвясціў пастанову - штраф 25 базавых велічынь.
Суд Савецкага раёна Гомеля 19 красавіка аштрафаваў журналіста-фрылансера і аўтара «Новага Часу» Яўгена Меркіса на 40 базавых велічынь.
Па інфармацыі "Новага Часу", журналісту інкрымінавалі другую частку артыкула 22.9 КоАП РБ “незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ”. А менавіта, стрым з акцыі супраць дэкрэта № 3 ў Пінску і інтэрв’ю з дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Ігарам Марзалюком у Магілёве на тамтэйшай акцыі пратэсту.
Журналіст сваёй віны не прызнаў, лічыць, што ўлады, пакараўшы яго, парушаюць 34 артыкул Канстытуцыі, які гарантуе права на збор і распаўсюд інфармацыі.
Нагадаем, што ў гэтым жа судзе Яўгена ўжо аштрафавалі на 30 базавых велічынь за анлайн-трансляцыю з Рагачоўскай акцыі пратэсту.
Паводле ПЦ "Вясна"
Пакінуць новы каментар