Кацярына Садоўская: Я знайшла балючае месца Лукашэнкі
Праваабаронца Беларускага аддзялення пскоўскага рэгіянальнага грамадскага руху “Веча” Кацярына Садоўская пагадзілася даць адказы на некаторыя пытанні сайта salidarnasc.org.
– Раскажыце крыху пра вашую праваабарончую дзейнасць
– Наша спецыялізацыя – паўкрыўджаныя судамі, пракуратурай, нашай уладай. Тых, каго абрабавалі, падарвалі здароўе, забілі, забралі маёмасць, забілі сыноў у войску, абылгалі.
Зараз мы “ваюем” з суддзёй Кацярынай Раманавай суда Заводскага раёна Мінска. У нас два працэсы на кантролі. Мы мяркуем, што Раманава вынесла судовае рашэнне з парушэннямі заканадаўства. Хочам абараніць пацярпелых людзей. Аднаго чалавека, інваліда 1 групы (ныркавая недастатковасць) дактары фактычна забілі, замяніўшы яму лекі на менш эфектыўныя. Дом памерлага забраў сабе адзін з кіраўнікоў фірмы, якая мае дачыненне да латарэйнага бізнесу. Суддзя Раманава ўсё ўзаконіла.
Жанчына, якая спрабавала выкрыць незаконныя дзеянні суддзі зараз у бальніцы. У адносінах да яе Раманава таксама вынесла незаконнае рашэнне па маёмасці і зямельнаму участку.
– Нядаўна была спынена крымінальная справа паводле артыкула 368 ч.2 КК РБ «Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь» ў адносінах да вас. Як Вы думаеце, чаму?
– Я знайшла балючае месца Лукашэнкі. За што можна яго церабіць. Маю на ўвазе, скажам так, не ідэальнае псіхічнае нездароўе. Калі сустракаешся з якімі чыноўнікамі і пачынаеш пра гэта гаварыць, у іх вочы на лоб лезуць і рукі трасуцца. Калі я следчаму паклала пакет медычных заключэнняў, а таксама дакументы пра забаўляльныя паездкі нашага кіраўніка краіны ў Аўстрыю, яго гэта вельмі напалохала. Але больш за ўсё напалохала нашых следчых, што я стала рыхтаваць сваіх падабароных да выступаў у судзе аб тым, што вядзецца генацыд беларускага народу.
– Што Вы маеце на увазе?
– Забіваюць інвалідаў, каб захапіць іх маёмасць, даходзіць да таго, што забіраюць апошняе адзенне. Пераслед салдацкіх маці… Гэта іх болей напалохала. Бо гэтыя факты адкрыліся бы на публічных слуханнях маёй справы.
У нас быў выпадак у 2002 г., у адной салдацкай маці з Маладзечна сына расстралялі з аўтамату АК-74 з кулямі са змешчаным цэнтрам цяжасці, другі выпадак - хлопца забілі і павесілі. Следства ўсё спісала на самазабойства. Мы пытаемся, калі яго не збівалі, як у яго пачарнела машонка? Нам адказваюць “Ён у канвульсіях біўся аб сценку”. Да такога маразму даходзяць, каб выкруціцца і не праводзіць сумленнае расследаванне.
Суддзя Яшчанка давяла салдацкую маці да таго, што яе забрала “хуткая дапамога”. Таксама суддзя патрабавала выдаць фіктыўную даведку пра здароўе жанчыны. Гэтага суддзю ледзь не пасадзілі.
На Бабруйску бясчынствуе старшыня гарвыканкама Зміцер Бонахаў, прыкрываючыся тым, што ў яго кум Віктар Лукашэнка. Там з інтэрнатаў высяляюць сем’і літаральна на вуліцу і пераабсталёўваюць вызваленыя памяшканні пад гатэльныя нумары.
У Асіповіцкім раёне людзі не могуць прадаць сваю маёмасць. Чыноўнікі за афармленне вымагаюць хабар. Мы гэта ўсё гэта фіксуем, збіраем факты.
– Як вы знаходзіце людзей, якім дапамагаеце?
– Людзей, якім дапамагаем, знаходзім па старых сувязях. Спачатку я працавала ў “Лізе правоў чалавека” (у 1999 г. яна спыніла сваё існаванне), потым у “Міжнароднай асацыяцыі абароны правоў чалавека”… Супрацоўнічалі з журналістам Яўгенам Казюкіным з беларускага радыё, дзе людзі распавядалі пра несправядлівасць, з якой сутыкаліся у судах.
Таксама людзі самі прыходзяць у праваабарончыя арганізацыі, якія могуць ім параіць, да каго лепей звярнуцца ў канкрэтным пытанні, часам накіроўваюць да нас.
Наш прынцып такі, калі чалавек ідзе ў суд мы накіроўваем з ім свайго чалавека. Калі ёсць людзі, сведкі, яны трохі стрымліваюцца ў сваім бязмежжы. Калі ідуць парушэнні падчас слуханняў, мы пішам скаргі.
– Чаму, на вашую думку, важная вашая дзейнасць?
– Наша мэта – аб’яднаць дэмакратычныя сілы і павярнуць іх у бок народа. Мы сваёй дзейнасцю – дапамогай канкрэтным людзям – гэта набліжаем. Вось у нас у Мінску быў форум, прысвечаны ахвярам палітрэпрэсій, я там заявіла, што мы рыхтуем кінастужку пра людзей пацярпелых ад свавольства уладаў.
Трэба паказаць людзям, што апазіцыя абараняе народ. Калі людзі гэта адчуюуць, яны падтрымаюць апазіцыю. Простымі палітычнымі лозунгамі сімпатый не даб’ешся.
Пакінуць новы каментар