Кур'ёзы судовага канвеера
Cуд Савецкага раёна Мінска пакараў актывістаў штрафамі за ўдзел у афіцыйна дазволеным мерапрыемстве ў Дзень Волі.
Перад судом паводле адміністрацыйных пратаколах паўсталі 12 чалавек. Усіх прысудзілі да велізарных штрафаў - ад 20 да 40 базавых велічынь (што складае 4.200.000 - 8.400.000 беларускіх рублёў). Суды праходзілі па адпрацаванаму алгарытме, калі ў якасці сведак выступалі работнікі міліцыі, завочна якія склалі пратаколы на выпадкова выбраных з некалькіх соцень удзельнікаў. Пры гэтым не абышлося без кур'ёзаў, паведамляе Беларускі дакументацыйны цэнтр.
Так Яўгену Батуру суддзя Драчова прысудзіла да штрафу у 30 базавых велічынь за тое, што, як паказалі сведкі-міліцыянты, актывіст знаходзіўся па адрасе пр. Незалежнасці, 73 у 18:40 (месца і час збору на дазволеную акцыю!). Па словах гэтых сведкаў: Батура з'яўляецца арганізатарам акцыі, ён, нібыта выкрыкваў у мегафон заклікі да ўдзелу, і ўсе яго дзеянні былі зафіксаваныя на відэа.
Аднак заяўленае Батурам хадайніцтва аб праглядзе дадзенага відэа было адхілена. У якасці ж доказы віны была выкарыстаная фатаграфія Яўгена з плакатам без даты і часу, якую проста скапіявалі з асабістай старонкі Батуры ў сацыяльнай сетцы «Фэйсбук». Пры гэтым ні сведак, ні суддзю не збянтэжыла тое, што ў пратаколе гаворка ідзе пра знаходжанне Батуры па адрасе пр. Незалежнасці, 73 (пляцоўка перад кінатэатрам "Кастрычнік"), а прад'яўленае фота зроблена на добра вядомым фоне плошчы Перамогі.
Але кур’ёзы на гэтым не скончыліся. Нягледзячы на тое, што збор удзельнікаў прысвечанай Дню Волі масавай акцыі каля кіно “Кастрычнік” быў афіцыйна дазволены Мінгарвыканкамам, суддзя вырашыла, што прамаўляць у мегафон і спяваць нацыянальныя песні у гэты час людзі не маюць права, паколькі “правядзенне мітынгу не прадугледжана” і пакарала актывіста штрафам.
Пакінуць новы каментар