Стартавала серыя трэнінгаў “Асабістая эфектыўнасць і матывацыя: формула поспеху” (ФОТА)
Трэнінг першай сесіі пад кіраўніцтвам практычнага псіхолага Таццяны Крашэўскай, які арганізаваны пры падтрымцы Камітэта “Салідарнасць”, прайшоў пад Мінскам 15-16 красавіка. У ім прынялі ўдзел дэмакратычныя актывісты, якія маюць складанасці з пошукам працы.
Вядоўца трэнінга акцэнтавала ўвагу ўдзельнікаў на такіх пытаннях як матывацыя і самаматывацыя, настройка на пазітыўнае мысленне, а таксама прапанавала методыкі, якія можна выкарыстоваць самастойна для свайго ўдасканалення.
Удзельнікі трэнінгу пазнаёміліся з двума асноўнымі тыпамі матывацыі (якія з’яўляюцца фактычна стратэгіямі паводзінаў): матывацыя поспеху і матывацыя пазбягання няўдачаў. Разгледзелі сувязь тыпа матывацыі, якім кіруецца чалавек, з асаблівасцямі паводзінаў асобы. З параўнання тыпаў матывацыі вынікае, што найбольш эфектыўная для развіцця з’яўляецца матывацыя поспеху.
Псіхолаг пазнаёміла ўдзельнікаў трэнінгу з тэорыяй субасобаў, згодна з якой у чалавека можна вылучыць сутнасці, якія часам супярэчаць адна адной. Для гарманічнага развіцця і эфектыўнага руху наперад важна навучыцца знаходзіць кансенсус паміж сваімі субасобамі. Удзельнікі трэнінгу навучыліся вылучаць свае субасобы праз структураванне сваіх жаданняў і працаваць з ім.
На трэнінгу былі прапанаваныя падрабязна распісаныя крокі псіхалагічнай настройкі на поспех, тэхнікі натхнення на пачатак важных і сур’ёзных справаў (спосабы пераадолення пракрасцінацыі), тэхніка рэсурснага “якарэння” (калі знаходзіш унутраныя рэсурсы, упэўненасць і натхненне ва ўзгадцы мінулых асабістых перамогаў), выкарыстанне рэсурсаў падсвядомасці праз сродкі візуалізацыі.
Удзельнікі трэнінгу скалі для сябе спісы дэвізаў-афірмацый, якія арыентуюцць на поспех, а таксама атрымалі парады па самаарганізацыі, неабходнай для паспяховага выканання пастаўленых у жыцці задачаў.
Двухдзённы трэнінг быў вельмі насычаны і інтэнсіўны. Тым не менш, на тое, што жыццё чароўным чынам хутка зменіцца, спадзявацца не выпадае. Для пазітыўнага выніку патрэбная рэгулярная праца над сабой. Заслуга трэнера ў тым, што ён задаў пэўны кірунак. Бо самы павольны чалавек, калі ён не губляе з поля зроку мэту, ідзе хутчэй, чым той, хто бадзяецца без мэты.
Як паведаміла трэнер Таццяна Крашэўская, з групай плануецца правесці яшчэ дзве сесіі, а таксама з асобнымі удзельнікамі індывідуальныя кансультацыі.
Нагадаем, падобная серыя трэнінгаў прайшла летась (распачалася ў кастрычніку). Трэнінгы былі высока ацэненыя ўдзельнікамі, і было прынятае рашэнне паўтарыць іх для іншай групы актывсітаў
Пакінуць новы каментар