Усе ўдзельнікі акцыі памяці загінулых герояў "Нябеснай сотні" на свабодзе (ФОТА)
У пятніцу вечарам пасля 15 сутак адміністратыўнага арышту вызваліліся Алесь Макаеў і Максім Вінярскі.
Каб не дапусціць урачыстай сустрэчы былых арыштантаў сябрамі і паплечнікамі, адміністрацыя Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў пайшла на беспрэцэдэнтныя меры: Алеся Макаева і Максіма Вінярскага вызвалілі на паўтары гадзіны раней і нават адвезлі дадому.
Сябры і аднадумцы паехалі да Алеся Макаева і зладзілі ў яго ў гасцях з нагоды вызвалення ўрачыстыя пасядзелкі. Сярод тых, хто паціснуў Алесю Макаеву руку былі і нядаўнія сядзельцы Акрэсціна за тую ж справу Вольга Мікалайчык, Мікола Колас і Яўген Батура, а таксама жонка Алеся, ды іншыя сябры і паплечнікі.
Нагадаем, вызваленне Вольгі Мікалайчык пасля 5 сутак арышту, а таксама Яўгена Батуры і Міколы Коласа пасля 10 сутак арышту адбывалася з вывазам у Цэнтральны РУУС Мінска. Гэта рабілася, каб не дапусціць рэзананснай сустрэчы сядзельцаў сябрамі і паплечнікамі каля брамы ЦІП.
Пяцёра ўдзельнікаў акцыі памяці Міхаіла Жызнеўскага 23 студзеня былі пакараныя суткамі адміністратыўнага арышту, што выклікала абурэнне нават кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі. Камітэт салідарнасці з Украінай распаўсюдзіў зварот у якім заклікаў неадкладна вызваліць удзельнікаў акцыі памяці герояў Майдана. Нарэшце ўсе, хто быў пакараны арыштам за ўдзел у акцыі памяці (Вольга Мікалайчык, Яўген Батура, Мікола Колас, Максім Вінярскі, Алесь Макаеў) адседзелі свае тэрміны і цяпер на свабодзе.
Пакінуць новы каментар