У Беларусь вярнуліся адміністрацыйныя арышты за грамадзянскую актыўнасць
У Маладзечна пакаралі 11 актыўных удзельнікаў марша недарамаедаў, што прайшоў 10 сакавіка, арыштамі на тэрмін ад 7 да 15 сутак. У Мінску днямі раней пакаралі трохсуткавымі арыштамі Сяргея Пальчэўскага і Змітра Дашкевіча за абарону Курапатаў.
Затрыманых учора лідараў правацэнтрысцкай кааліцыі Юрася Губарэвіча, Віталя Рымашэйскага, Анатоля Лябедзьку, а таксама Вольгу Кавалькову, ды іншых удзельнікаў пятнічнай акцыі пратэсту супраць дэкрэта №3 судзілі асобна розныя суддзі суда Маладзечанскага раёна.
Выглядала на тое, што затрыманых напачатку збіраліся як мага хутчэй асудзіць, пакараць штрафамі ды развітацца з імі (нават планавалася зладзіць разгляд справаў ледзь не ноччу), але нібыта ўмяшаліся нейкія іншыя сілы: на наступны дзень маладзечанская феміда зладзіла суботнік і старанна выносіла жорсткія прысуды удзельнікам несанкцыяванай акцыі: бальшыня абвінавачаных - нават тыя, хто быў затрыманы упершыню - за парушэнне артыкула 23.34 ч.3 КоАп (ўдзел у несанкцыяваным масавым мерапрыемстве) атрымала “суткі” арышту.
Лідар Руху “За Свабоду” Юрась Губарэвіч падчас разгляду сваёй справы хадайнічаў пра пра прадастаўленне адваката, азнаямленне з дакументамі справы, пра выклік ў якасці сведкаў Анатоля Лябедзькі і Віталя Рымашэўскага, а таксама выказаўся не супраць фотаздымкі, пра якую прасілі журналісты.
Фота і відэа рабіць суддзя Аляксей Іршын забараніў. Таксама ён праігнараваў хадайніцтва наконт выкліку Анатоля Лябедзькі і Віталя Рымашэўскага ў якасці сведкаў.
Сведкамі з боку міліцыі выступалі мінскія амонаўцы. Дзмітрый Альшэўскі і Яўген Баранаў паказалі, што Губарэвіч крычаў лозунгі за адмену дэкрэту №3, “Жыве Беларусь!”, прымаў актыўны ўдзел у мітынгу.
“На маё перакананне, любое масавае мерапрыемства, якое мае мірны характар, мусіць рэгулявацца Канстытуцыяй і міжнароднымі нормамі”, - парыраваў суду Губарэвіч.
Міліцыянты прызналі, што не паспелі прадставіцца, пасведчанне супрацоўніка міліцыі не паказвалі, правы і абавязкі не патлумачылі, прымянялі сілавыя прыёмы для затрымання.
Пытанні адваката “Ці аказваў Губарэвіч супраціў? Ці ужывалася фізічная сіла ў дачыненні да затрыманага?” суддзя зняў. Суд адхіліў хадайніцтва пра далучэнне да справы відэазапісу, якое зрабілі затрыманыя палітыкі, але прадэманстраваў кадры аператыўнай відэаздымкі.
Пасля гэтага Губарэвіч хадайнічаў пра адвод суддзі. Але суддзя і яго адхіліў і праз пэўны час вынес прысуд 15 сутак арышту!
Па падобнай схеме праходзілі суды над іншымі затрыманымі. Толькі два чалавекі сярод затрыманых падчас акцыі былі пакараныя вялізнымі штрафамі ў 50 базавых велічынь. Гэта - Дзяніс Красачка і Алесь Абрамовіч. Анатоль Лябедзька, Віталь Рымашэўскі, Вольга Кавалькова, Аляксандр і Анатоль Гмызы, Яўген Радкевіч, Андрэй Голуб, Ягор Аўсяннік, Алесь Панамароў, Ілля Бондар былі пакараныя адміністрацыйнымі арыштамі на розны тэрмін.
Рэзкая змена характару пакаранняў за ўдзел у несанкцыяваных акцыях (раней былі штрафы, зараз – арышты), а таксама брутальныя паводзіны сілавікоў падчас затрыманняў выклікаюць сур’ёзную занепакоенасць праваабаронцаў. Выглядае на тое, што ўлады адтэрміноўкай дзеяння сумнавядомага дэкрэта №3 і ўзмацненнем рэпрэсій супраць незадаволеных дэкрэтам грамадзян хочуць збіць хвалю пратэстаў, якая скаланула Мінск і рэгіянальныя гарады.
Пакінуць новы каментар