300 дзеячаў культуры патрабуюць вызвалення Надзеі Саўчанка
Каля 300 дзеячаў навукі, культуры, бізнесу з усяго свету падпісалі зварот у абарону Надзеі Саўчанка, звернуты да еўрапейскіх лідараў.
Яны заклікаюць еўрапейскіх палітыкаў "прыняць надзвычайныя меры з мэтай неадкладнага і безумоўнага вызвалення 34-гадовай Надзеі Саўчанка, грамадзянкі Украіны, выкрадзенай і змешчанай у турму на 20 месяцаў у Расійскай Федэрацыі". На думку аўтараў ліста "наша здольнасць выратаваць яе жыццё будзе праверкай эфектыўнасці міжнароднай дыпламатыі і нашай адданасці еўрапейскім каштоўнасцям", паведамляе Еўрарадыё.
Ад Беларусі падпісантамі звароту сталі лаўрэатка Нобелеўскай прэміі, пісьменніца Святлана Алексіевіч і перакладчык Сяргей Сматрычэнка. Таксама свае подпісы паставілі літаратары-набеліянты Томас Венцлава (Літва-ЗША) і Эльфрыда Елінэк (Аўстрыя), пісьменнік Віктар Шандаровіч (Расія), рэжысёрка Агнешка Холанд (Польшча), філосаф Бернар-Анры Леві (Францыя). У абарону палоннай украінскай лётчыцы выказаліся Маркус Мекель (экс-кіраўнік МЗС Нямеччыны), Гі Вэрхофштат (былы прэм'ер-міністр Бельгіі), Леў Шлосберг (партыя "Яблоко", Расія) ды іншыя.
Далучыцца да ініцыятывы могуць усе ахвочыя: свой подпіс пад адкрытым лістом можна паставіць па спасылцы.
Як паведамлялася раней, 3 сакавіка Надзея Саўчанка абвясціла сухую галадоўку ў сувязі з тым, што яе апошняе слова перанеслі на 9 сакавіка.
Нагадаем, неадкладнага вызвалення захопленай і кінутай за краты украінскай лётчыцы патрабуюць Еўрасаюз і Дзярждэпартамент Злучаных Штатаў. У розных краінах праходзяць акцыі салідарнасці з Надзеяй Саўчанка. У Мінску акцыя салідарнасці каля расійскай амбасады прайшла 7 сакавіка. Наступная акцыя запланавана на сёння, 9 сакавіка.
Пакінуць новы каментар